Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” абвясціла птушку 2019 года — наступны год пройдзе пад знакам вялікага арляца.

Вялікі арлец — у ліку самых рэдкіх драпежных птушак Еўропы, ёй пагражае знікненне. У Беларусі гняздуецца адна з найбольшых у свеце папуляцый вялікага арляца: 120—150 пар такіх птушак жыве ў нашых лясах, і гэта больш, чым ва ўсім Еўрасаюзе. Арляцы любяць глухія мясціны на балотах, ля балот і вельмі баяцца чалавека.

Валерый Дамброўскі, кандыдат біялагічных навук, каардынатар праекта АПБ па ахове вялікага арляца, адзначае, што гэтаму драпежніку пагражае шмат фактараў. Напрыклад, знікненне нізінных балот (галоўных месцаў пражывання гэтай птушкі), турбаванне з боку чалавека ў гнездавы перыяд: калі нехта ў гэты час будзе хадзіць пад гняздом, вялікі арлец яго пакіне. А яшчэ негатыўнымі фактарамі з’яўляюцца будаўніцтва дарог на Альманскіх балотах, збор ягад на гнездавых участках. Таксама пагрозу нясе памяншэнне разнастайнасці відаў птушак у месцах палявання арляца.

Каб захаваць папуляцыю вялікага арляца ў Беларусі, АПБ ужо некалькі гадоў праводзіць акцыю “Выратуй арляня!”, грошы на якую збіралі краўдфандынгам. У межах акцыі валанцёры пасля адлёту птушак ладзяць экспедыцыі па пошуку іх гнёздаў, каб потым аддаць гэтыя ўчасткі пад ахову, інспектуюць ужо вядомыя гнёзды, каб папярэдзіць шкоду для арляцоў ці пакараць парушальніка.

Вялікія арляцы ўжо адляцелі на поўдзень. Летась спецыялісты АПБ прымацавалі перадатчыкі на восем арляцоў. За іх міграцыяй і перамяшчэннямі на зімоўцы ў Грэцыі і Афрыцы можна сачыць па карце ptushki.org/eagle.

Нацыянальную кампанію “Птушка года” арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі, іх праблем і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць. Увесь наступны год будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя вялікаму арляцу, да іх змогуць далучыцца дарослыя і дзеці.

 

Additional information